Эй скажэце, добры людзі,
Што ужо на сьвеце будзе,
Ці то так судзіў Бог з намі
Гінуць век пад маскалямі?
Як пачалі ваяваці,
Магазыны сталі браці:
У абоз вязьці ўсё збожжа,
А народ — хоць гінь, нябожа.
І аддаўшы ўсё із хаты,
Сталі браці у салдаты,
Кідай жонку, дзеткі ў дому,
Едзь ў калодцы да прыёму.
Там лоб голяць і муштруюць,
Б’юць, і ломяць, і катуюць,
Глодзяць, глумяць, як скаціну
На зарэз, бяз дай прычыну.
А як войска непатрэба,
Дык салдат шукай сам хлеба!
Шле дамоў, хаця ня знае,
Ці каторы дом свой мае.
Толькі кажуць: не хавайся,
Зараз на прыказ стаўляйся,
Нясьці боты, стрычцца, брыцца,
Хоць ня маеш чым пражыцца.
Людзі лепш даўней тут жылі,
І другіх дабра вучылі,
А чужы, чаго ня знае,
То й на ліха навучае.
Дзе жандар званкамі зьвягне,
То усіх ў вастрогі цягне,
Ці убогі, ці багаты —
Ад работы цягнуць з хаты.
Ўсе чыноўнікі збыткуюць,
Абдзіраюць і катуюць,
Глумяць, крыўдзяць, разьбіваюць,
Жаліцца не пазваляюць.
Але-ж, братке, ня тужэце,
Лепш у Бога папрасеце
Міласэрдзьдзя, каб Ён скора
Перамёніў наша гора!
Бо пара ўжо наступае,
Што свабода заглядае,
А як гэта тое будзе —
За вум бярыцеся, людзі.
Памятайце тую пору,
Як прыдзе да прыгавору,
Каб часамі ня змыліцца,
На век векаў ня згубіцца.
А гарэлку кіньце піці,
Каб розуму ня здурыці:
Як трэ слова вам сказаці,
— Долю добру выбіраці!
Бо хоць яны круцяць, муцяць,
Народ просты баламуцяць:
Што маскаль мае даць волю,
Палягчыці нашу долю.
Ой, ня верце таму, людзі,
Бо ніц з гэтага ня будзе —
Каб ён так хацеў зрабіці,
То даўно-б мусіла быці…
#belarus